ІНШАМО́ЎНЫХ СЛОЎ СЛО́ЎНІК,
лінгвістычны даведнік, што тлумачыць або характарызуе словы, запазычаныя з інш. моў. У слоўніку пасля загаловачнага, рэестравага слова падаецца інфармацыя аб паходжанні гэтага слова: указваецца крыніца — мова, з якой яно запазычана, зыходная іншамоўная форма (што збліжае яго з этымалагічным слоўнікам і гістарычным слоўнікам), тлумачацца сучасныя значэнні запазычанага слова, прыводзяцца прыклады яго выкарыстання ў спец. падабраных словазлучэннях ці сказах з пісьмовых крыніц, даюцца аднакарэнныя з рэестравымі словы (гэта робіць яго разнавіднасцю тлумачальнага слоўніка). У І.с.с. пераважаюць запазычаныя тэрміны і інш. спец. назвы іншамоўнага паходжання, што набліжае яго да тэрміналагічнага слоўніка. Бытавыя назвы іншамоўнага паходжання (акрамя экзатызмаў, якія трывала замацаваліся ў мове і не ўспрымаюцца як чужыя) у такі слоўнік не ўключаюць. Азначэнні малавядомых вузкаспец. тэрмінаў даюцца ў выглядзе разгорнутай навук. дэфініцыі ў энцыклапедычным слоўніку.
Вылучаюць І.с.с. агульнага тыпу, які сумяшчае асобныя рысы пералічаных слоўнікаў (напр., «Слоўнік іншамоўных слоў» А.М.Булыкі, 1993), і аспектнага: гістарычны (напр., «Даўнія запазычанні беларускай мовы» Булыкі, 1972), адваротны І.с.с., слоўнік «памылковых сяброў перакладчыка», школьны, калек, міжнар. тэрмінаэлементаў і інш.
Літ.:
Караулов Ю.Н. Обратный словарь заимствований как способ изучения лингвоэкологии // Изв. АН СССР. Сер. лит. и языка. 1979. Т. 38, № 6;
Булыка А.М. З моў блізкіх і далёкіх. Мн., 1986.
В.К.Шчэрбін.
т. 7, с. 296
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)